СЛА́ЎГАРАДСКІ РАЁН.

Размешчаны на Пд Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 6.1.1965. Пл. 1,3 тыс. км². Нас. 17,4 тыс. чал. (2001), гарадскога 47,7%. Сярэдняя шчыльн. 13 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Слаўгарад. Уключае 83 сельскія нас. пункты, 6 сельсаветаў: Васькавіцкі, Гіжэнскі, Кабінагорскі, Каменкаўскі, Лапаціцкі, Свенскі. Раён моцна пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС: амаль уся тэр. (акрамя крайніх паўн. і паўн.-зах. частак) забруджана радыенуклідамі да 15 Кі/км². Насельніцтва ў выніку масавай міграцыі за 1985—95 паменшала на 8 тыс. чал.

Тэр. раёна ў межах Аршанска-Магілёўскай раўніны (крайняя Пн) і Чачорскай раўніны. Паверхня раўнінна-ўзгорыстая, 85% яе на выш. 130—170 м, найвыш. пункт 189 м (за 2 км на ПдЗ ад в. Кульшычы). Агульны нахіл паверхні з Пн на Пд Цэнтр і паўд.-ўсх. ч. раёна заняты далінамі рэк Сож і Проня. Глыб. расчлянення на схілах далін да 10—15 м/км². Карысныя выкапні: торф, даламіты, мел, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліны. Сярэдняя т-ра студз. -7,5 °C, ліп. 18,5 °C. Ападкаў 605 мм за год. Вегетац. перыяд 188 сут. Найб. р. Сож з прытокамі Проня з Растой, Крупкай і Тросліўкай, Пясчанка, Касалянка з Пацэяй, Ельня, Галуба, Каменка, Якушоўка; на З р. Баброўка (прыток р. Дняпро), на Пн р Хоцінка (прыток р. Раста). Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (49,9%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (26,7%), поймавыя (алювіяльныя, 10,6%). Пад лесам 37% тэрыторыі, найб. лясныя масівы на ПдУ раёна. Пераважаюць лясы хваёвыя, яловыя, асінавыя; трапляюцца шэраальховыя, дубовыя, чорнаальховыя, ясянёвыя, таполевыя і інш. Штучныя насаджэнні — каля 22%, пераважна хваёвыя. Пад балотамі 3% тэр. У межах раёна ахоўны тарфянік Тупніцкае; помнікі прыроды рэсп. значэння — Блакітная крыніца ў в. Кліны і мясц. значэння — лістоўніца каля в. Улукі.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 57,9 тыс. га, з іх асушаных 14,1 тыс. га. На 1.1.2002 у раёне 14 калгасаў, 1 саўгас-камбінат, 3 фермерскія гаспадаркі.

Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, бульбы. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (жалезабетонныя вырабы) і харч. (цэльнамалочныя прадукты, масла, сыр, сушаная садавіна і агародніна, макаронныя і кандытарскія вырабы) прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі Рагачоў—Слаўгарад—Крычаў, Магілёў—Слаўгарад, Слаўгарад—Карма і інш. Суднаходства па р. Сож. У раёне 7 сярэдніх, 10 базавых, 1 пач. школа, дзіцячая школа мастацтваў, Дом дзіцячай творчасці, ПТВ, 12 дашкольных устаноў, 22 клубы, 20 б-к, 1 бальніца, 3 амбулаторыі, 16 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: мемарыяльная капліца і помнік (1908) у гонар перамогі рус. войск над шведскімі ў 1708 каля в. Лясная, парк (пач. 20 ст.) у в. Свенск. Выдаецца газ. «Ленінскае слова».

М.​С.​Міроненка, Р.​Р.​Паўлавец.

т. 14, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)